КАРА́ ВЫВЕ́ТРЫВАННЯ,

геалагічнае ўтварэнне, складзенае з прадуктаў разбурэння горных парод у выніку выветрывання. Ад карэнных парод адрозніваецца больш рыхлай структурай, змененым хім. і мінералагічным складам са значнымі ўключэннямі гліністых мінералаў, часта бурай або чырвонай афарбоўкай. Адрозніваюць астаткавую (прадукты разбурэння застаюцца на месцы першаснага залягання) і пераадкладзеную К.в. (пераносяцца на нязначныя адлегласці з захаваннем прыкмет мацярынскай пароды). Па форме залягання вылучаюць К.в. плошчавую і лінейную. У залежнасці ад мінералагічнага складу горных парод фарміруюцца латэрытныя, каалінавыя і інш. тыпы. Са стараж. К.в. звязаны радовішчы руд жалеза, нікелю, хрому, алюмінію, рэдкіх металаў, а таксама фосфару, кааліну і інш. На тэр. Беларусі пашыраны астаткавыя плошчавыя К.в. каалінітавага і мантмарыланітавага складу.

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)